ЦЭНТРАЛЬНАЕЎРАПЕ́ЙСКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН Размешчаны на тэр. Вялікабрытаніі, Бельгіі, Нідэрландаў, Даніі, Германіі, Польшчы, у зах. раёнах Латвіі, Літвы, Расіі, Беларусі, Украіны, Швецыі (в-аў Готланд), на шэльфах Паўн. і Балт. мораў. Пл. 1028 тыс. км², у т. л. 533 тыс. км² на акваторыі. Пачатковыя прамысл. запасы (1989): 2042 млн. т нафты і 4406 млрд. м³ газу (без усх.-еўрап. краін). Пошукава-разведачныя работы ў басейне вядуцца з канца 19 ст. (на тэр. Германіі).

Першае радовішча нафты (Нінхаген) адкрыта ў 1870, газавае (Бентгайм) у 1938. У пач. 1990-х г. выяўлена 437 радовішчаў (224 нафтавыя і 213 газавых). Буйнейшыя нафтавыя радовішчы — Статфіёрд, Фортыс, Экафіск, Брэнт; газавыя — Гронінген, Троль, Леман, Фрыг. У структуры басейна вылучаюць 3 буйныя элементы — Паўночнаморскую і Балт. сінеклізы і Люблінска-Львоўскую ўпадзіну. Нафтагазаносныя тэрыгенныя і карбанатныя адклады сярэдняга кембрыю, дэвону, карбону, пярмі, юры, мелу і палеацэну. Глыб. залягання прадуктыўных гарызонтаў 200—4000 м. Шчыльн. нафты 800—987 кг/м³. Газы разнастайныя паводле саставу. Гал. цэнтры здабычы Экафіск (Нарвегія), Слохтэрэн (Нідэрланды) і інш.

т. 17, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)